«ПАСЛА́ННЕ ДА ЛАТЫ́Н З ІХ ЖА КНІГ»,
«Послание до латын из их же книг», ананімны палемічны твор. Напісаны на старабел. мове не пазней 1582 манахамі Супрасльскага манастыра ў адказ на кнігу П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Захаваўся ў некалькіх спісах, надрукаваны ў «Рускай гістарычнай бібліятэцы» (т. 19, 1903). Накіраваны супраць каталіцызму і яго прапаведнікаў. Выкарыстаўшы каталіцкія хронікі, творы рым. гісторыка Марцэліна, лац. тэолагаў Грацыяна, Плаціна і інш., аўтар з сарказмам паказаў гісторыю панавання папства, усё, што хаваецца пад маскай святасці. Насуперак Скаргу, які называў пап духоўнымі пастырамі і «намеснікамі бога на зямлі», у «Пасланні...» яны паказаны як хціўцы, рабаўнікі, авантурысты, антыхрысты, якія ў пагоні за раскошай і неабмежаванай уладай ператварылі каталіцкі касцёл у дом распусты. Мова твора максімальна набліжана да гутарковай, з вобразнымі выслоўямі і параўнаннямі. «Пасланне...» — пэўная вяха ў развіцці антыкаталіцкай палемічнай публіцыстыкі. Ідэі твора, матывы і маст.-стылявыя сродкі выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці М.Сматрыцкі, С.Зізаній, В.Суражскі, І.Вішанскі і інш. пісьменнікі-палемісты.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)